OneBeat: Міжнародная рэзідэнцкая праграма для музыкаў

Музыкі ва ўзросце 19-35 год запрашаюцца да ўдзелу ў міжнароднай праграме "OneBeat". Праграма скіравана на развіццё міжнароднай сеткі творчых, тэхналагічных і сацыяльных інаватараў у галіне музыкі.

Праграма "OneBeat" падтрымліваецца Бюро па справах адукацыі і культуры Дзярждэпартамента ЗША і ёсць формай культурніцкай дыпламатыі.

Удзельнікі праграмы змогуць на працягу 1 месяца ў ЗША ствараць, запісваць і выконваць музычныя творы. Праграма дазваляе ствараць арыгінальныя матэрыялы і рэалізаваць новыя музычныя ідэі ва ўласных праектах.

Удзельнікі адправяцца ў гастрольны тур для выканання кампазіцыяў перад шырокай амерыканскай аўдыторыяй у супрацоўніцтве з мясцовымі музыкамі, правядуць воркшопы для моладзі.

На апошнім этапе праграмы ўдзельнікі падзеляцца планамі на будучыню - па развіцці праектаў у іх родных краінах па ўмацаванні сеткі сацыяльных прадпрыемстваў у галіне музыкі.

Праграма "OneBeat" - спосаб стварыць новыя музычныя камбінацыі, рассунуць межы музычных тэхналогій і знайсці новыя шляхі ўключэння ўсіх членаў грамадства ў працэс музычнай творчасці. "OneBeat" ёсць крокам да новага мыслення - як з дапамогай музыкі будаваць здаровую супольнасць, заможнае грамадства і мірны свет.

Прымаюцца заяўкі кандыдатаў з наступных краін: Алжыр, Бангладэш, Беларусь, Балівія, Бразілія, Балгарыя, Венесуэла, Гана, Гаіці, Зімбабве, Злучаныя Штаты, Індыя, Інданэзія, Ірак, Іарданія, Калумбія, Куба, Казахстан, Кенія, Кіргізія, Косава, Лаос, Ліван, Малазія, Марока, Мазамбік, Нігерыя, Панама, Пакістан, Палестынскія тэрыторыі, Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка, Расія, Сенегал, Сербія, Славакія, Таджыкістан, Тайвань, Туніс, Турцыя, Філіпіны, Эквадор, Эфіопія, Японія.

Арганізатары пакрываюць усе выдаткі ўдзельнікаў, уключаючы падарожжа і пражыванне. Прадугледжана фінансаванне паўсядзённых выдаткаў і ганарар у памеры 500 даляраў ЗША.

Прыём заявак ажыццяўляецца з 4 студзеня па 5 лютага 2016 года. Кандыдаты мусяць зарэгістравацца анлайн. Па дадатковых пытаннях, калі ласка, звяртайцеся на гэту старонку або лістуйце на е-мэйл: 1beat@foundsoundnation.org.

 

Паводле Edu-Active.com.