Навучальная сэсія па гендэрных пытаньнях у Будапешце

З 5 па 12 кастрычніка 2014 года ў Будапешце, Венгрыя, пройдзе навучальная сэсія па гендэрных пытаньнях. Беларускае моладзевае грамадскае аб'яднаньне "Новыя твары" шукае ўдзельніка семінара.

Мэта навучальнай сэсіі - праз нефармальную адукацыю даследаваць тэму правоў чалавека ў галіне гендэрнай дыскрымінацыі моладзі і папярэджання гвалту, заснаваным на гендэрных прычынах. Цягам сэсіі ўдзельнікі навучання атрымаюць веды пра вызначэньне "гендару" і "гендэрнага гвалту", падзеляцца досьведам у галіне гендэрнай дыскрымінацыі, даследуюць з гэтых пазіцый культуры краінаў Еўропы і Міжземнамор'я. Навучэнцы змогуць развіць навыкі прымяненьня ў працы новых падыходаў, заснаваных на гендэрных правах чалавека. Семінар закліканы матываваць удзельнікаў распаўсюдзіць пасля навучаньня набытыя веды ва ўласных арганізацыях і супольнасьцях, а таксама пашырыць міжкультурны дыялог і супрацоўніцтва сярод моладзі ў еўрапейска-міжземнаморскім рэгіёне.

Арганізатары навучання цалкам пакрываюць выдаткі на транспарт і пражываньне. Працоўная мова сэсіі - ангельская. Заяўку аб удзеле неабходна запоўніць тут. Дэдлайн - 30 жніўня 2014 года.