Набор у Еўрапейскі каледж ECLAB (Мінск)

Еўрапейскі каледж "Liberal Arts" у Беларусі (ECLAB) ладзіць другі набор студэнтаў. ECLAB - першая ў Беларусі праграма навучання паводле мадэлі "Liberal Arts". Дадзеная адукацыйная сістэма дазваляе атрымаць новыя веды і досвед стварэння даследчых і арт-праектаў, мадэль дазваляе раскрыць індывідуальны патэнцыял студэнта і вучыць працы ў камандзе.

Спецыялізацыі (канцэнтрацыі), якія можна абраць у ECLAB:

  • Інтэрнэт і грамадства,
  • публічная гісторыя,
  • масавая культура і медыі,
  • гендэрныя даследаванні,
  • сучаснае грамадства, этыка і палітыка.

Абітурыенты не мусяць адразу прымаць рашэнне, на якой спецыялізацыі яны будуць вучыцца. Выбар той ці іншай канцэнтрацыі адбываецца пасля першага этапа навучання (уводных курсаў, якія студэнт абірае самастойна).

У межах ECLAB даступныя аўтарскія курсы беларускіх навукоўцаў і экспертаў. Поўны спіс курсаў знаходзіцца тут. У праграме навучання - майстар-класы, сустрэчы з экспертамі ды інтэлектуаламі, семінары з абмеркаваннем тэкстаў і фільмаў, якія ў тым ліку будуць ладзіць выпускнікі мінулага года.

Лектары і выкладчыкі ECLAB - прызнаныя і захопленыя даследчыкі, эксперты, ініцыятары праектаў, публіцысты.

Апроч праходжання навучальнай праграмы, у студэнтаў ECLAB ёсць магчымасць распрацоўваць і рэалізоўваць свае праекты ў межах "Студэнцкай майстэрні", а таксама браць удзел у праектах навуковых Цэнтраў ECLAB.

Да навучання ў ECLAB запрашаюцца асобы, якія дасягнулі 18 гадоў. Заняткі праходзяць у вечаровы час некалькі разоў на тыдзень у цэнтры Мінска. Адукацыйная праграма доўжыцца 8 месяцаў (з кастрычніка па травень).

Кандыдаты мусяць запоўніць анкету і напісаць эсэ на адну з прапанаваных тэмаў. Дэдлайн - 6 верасня 2015 года.

Аўтары лепшых эсэ будуць запрошаныя на сумоўе, па выніках якога адбудзецца залічэнне. У 2015-2016 навучальным годзе ў ECLAB запланавана 20 бясплатных і 40 платных месцаў. Па дадатковых пытаннях неабходна звяртацца на е-мэйл: LiberalArts.by@gmail.com.

Прэзентацыя адукацыйнай праграмы адбудзецца ў 18:30 12 жніўня 2015 года (серада) у прасторы ЦЭХ (Мінск, вул. Кастрычніцкая, 16). Уваход вольны!

Паводле Adukacyja.info