Месяц у Фінляндыі для беларускіх валанцёраў

Апошні тэрмін – 31 ліпеня 2014 г.
Моладзевы цэнтр Metsäkartano, Фінляндыя шукае дваіх валанцёраў з Беларусі на кастрычнік 2014 г. Усяго ў праекце будуць удзельнічаць 16 валанцёраў з розных краін.

Моладзевы цэнтр займаецца адукацыйнымі праграмамі, звязанымі з моладзевай працай на вольным паветры.
Асноўнай задачай валанцёраў будзе падрыхтоўка да міжнароднага мерапрыемства для мясцовай моладзі. 24 кастрычніка адбудзецца Poke the Globe – падзея, якая збярэ больш за 200 студэнтаў з паўночных рэгіёнаў Фінляндыі, каб праінфармаваць мясцовую моладзь пра міжнародныя магчымасці і натхніць іх на рэалізацыю ініцыятыў у мясцовых супольнасцях. Валанцёры будуць праводзіць розныя майстар-класы і арганізуюць «Культурны кірмаш», дзе прадэманструюць свае культуры. Падчас праекта валанцёры таксама будуць наведваць мясцовыя школы і праводзіць «міжнародныя гадзіны» для вучняў. Таксама валанцёры будуць займацца фізічнай працай на вольным паветры (расчышчаць паходныя маршруты, дапамагаць з рамантам абсталявання для заняткаў актыўным летнім адпачынкам ды інш.).

Перад пачаткам праекта валанцёр будзе праінфармаваны наконт правілаў праграмы і магчымасцяў. Таксама валанцёр заўсёды зможа атрымаць дапамогу і парады з боку працаўнікоў моладзевага цэнтра Metsäkartano.

Профіль валанцёра:

• узрост ад 20 да 27 гадоў
• дастатковая англійская мова
• не абавязкова мець веды і досвед у працы з моладдзю, але патрэбна зацікаўленасць у гэтай тэме
• жаданне атрымаць новы жыццёвы і валанцёрскі досвед
• гатовасць удзельнічаць у праекце з 1 па 31 кастрычніка 2014 г.

Умовы ўдзелу:
праект фінансуецца за кошт праграмы Еўрапейскага Саюза «Моладзь у дзеянні», акцыя 2 «EVS». Валанцёру сплачваюцца выдаткі на пражыванне, харчаванне, мясцовую страхоўку і візу, таксама будуць выдадзены невялікія грошы на кішэнныя выдаткі. Праезд з Беларусі да Фінляндыі ў моладзевы цэнтр будзе пакрыты арганізатарамі на 90% ад агульнага кошту квіткоў.

Для таго, каб стаць удзельнікам дадзенага EVS праекта, кандыдату неабходна запоўніць заяўку і адправіць яе разам з рэзюмэ на англійскай мове ў вольнай форме да 31 ліпеня ўключна на электронны адрас evsbelarus.@gmail.com з пазнакай «EVS 2014 Finland 1 month».

 

Паводле nastaunik.info