Лекцыя "Ці магчымая фемінісцкая салідарнасць на постсавецкай прасторы?" (Мінск)

25 лістапада (серада) 2015 года ў Мінску ў межах праекта "Еўрапейскае кафэ - Адкрытая прастора Еўропы" пройдзе лекцыя "Ці магчымая фемінісцкая салідарнасць на постсавецкай прасторы?". Вядоўца - украінскі эксперт Ірына Жарэбкіна, дырэктарка Харкаўскага цэнтра гендарных даследаванняў.

Ці магчымая сёння, праз больш як дваццаць гадоў пасля распаду СССР, фемінісцкая салідарнасць? Менавіта за кошт салідарнасці фемінізм калісьці і зрабіўся рэальнасцю ў познім СССР, калі ў канцы 1970-х вакол фемінісцкага часопіса «Марыя» сфармавалася група актывістак. Салідарнасць была таксама галоўнай умовай узнікнення транснацыянальных фемінісцкіх праектаў пасля распаду СССР.

Досвед сучаснага ўкраінскага фемінізму, у якім на фоне ваенных дзеянняў паўсталі розныя лініі расколу (уключаючы ЛГБТ-сепаратызм), зноў вяртае да неабходнасці салідарнасці.

Падчас лекцыі акрамя аналізу сучаснага ўкраінскага фемінізму будзе прапанаваны адказ на асноўнае пытанні: "Ці магчыма зноў адшукаць вымярэнне салідарнасці ў сучасных фемінісцкіх практыках? Калі не (ці так), то на якіх філасофскіх падставах?".

Пасля лекцыі адбудзецца дыскусія. Мадэратарка дыскусіі - Вольга Шпарага.

Пачатак - а 18-й гадзіне. Уваход вольны. Адрас: Прастора "Event Space" (памяшканне "Space Port"), вул. Кастрычніцкая, 16а, Мінск. Мерапрыемства на Фэйсбуку.


Ірына Жарэбкіна – доктар філасофскіх навук, прафесар Харкаўскага нацыянальнага ўніверсітэта ім. В.М. Каразіна, галоўная рэдактарка часопіса "Гендарныя даследаванні" (з 1998 года), дырэктарка Харкаўскага цэнтра гендарных даследаванняў (з 1994 года), дырэктарка Інстытута міжнародных летніх школ па гендарных даследаваннях у Фаросе (1997–2009). Сферы даследчых інтарэсаў: прымяненне сучасных заходніх фемінісцкіх і гендарных тэорый для аналізу культурнай антрапалогіі дасавецкіх, савецкіх і постсавецкіх грамадстваў; тэорыі суб'ектыўнасці ў сучаснай заходняй філасофіі (С. Жыжэк, А. Бадзью, Ж. Рансьер, Дж. Агамбэн); культурныя даследаванні і "новыя культурныя даследаванні"; постмарксісцкі дыскурс-аналіз (Эсэкская школа) і магчымасці яго прымянення для аналізу постсавецкіх грамадстваў.
 

Крыніца: Eurocafe.by.