Конкурс міні-праектаў ад моладзевага інфармацыйнага цэнтра (Беларусь)

Моладзевы інфармацыйны цэнтр (Беларусь) прымае заяўкі на конкурс міні-праектаў. Арганізатары не абмяжоўваюць іх тэматыку, але чакаюць, што праекты будуць адпавядаць патрэбам мясцовай супольнасці і будуць накіраваныя на вырашэнне існуючых праблем.

Да ўдзелу запрашаюцца прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў Беларусі. У конкурсе могуць удзельнічаць грамадскія арганізацыі і актывісты, ініцыятывы, выкладчыкі і студэнты. Перавага будзе надавацца ідэям, якія будуць рэалізаваныя ў малых гарадах і вёсках.

Праекты павінны пачацца і скончыцца ў перыяд з 15 лістапада 2016 года па 15 лютага 2017 года. Бюджэт міні-праектаў не мусіць перавышаць 700 USD. Усім абраным ініцыятывам будзе таксама забяспечаная кансультацыйная і арганізацыйная падтрымка.

Міні-праекты могуць быць скіраваныя на актывізацыю ўдзелу моладзі ў грамадскім жыцці, развіццё мясцовых ініцыятыў, падвышэнне лідэрскага патэнцыялу. Вітаюцца ідэі, звязаныя з адукацыяй і навучаннем.

Заяўкі прымаюцца да 1 кастрычніка 2016 года. Вынікі конкурсу будуць абвешчаныя не пазней за 1 лістапада 2016 года.

Па ўсіх пытаннях можна звяртацца на электронную скрыню: yicgrants@gmail.com.

Крыніца: Прэсавы рэліз Моладзевага інфармацыйнага цэнтра