Франка-беларускі цэнтр еўрапейскіх даследаванняў прапануе праграму ў галіне права і грамадскіх навук

Франка-беларускі цэнтр еўрапейскіх даследаванняў (CFB) прапануе навучанне ў Мінску па ўніверсітэцкай праграме ў галіне права і грамадскіх навук. Слухачы курсу, якія паспяхова пройдуць іспыты па яго заканчэнні, атрымаюць наступныя дыпломы Ўніверсітэта Бардо (Францыя): універсітэцкі дыплом па спецыяльнасці "Палітычныя навукі і еўрапейскія даследаванні" (3 гады навучання) і еўрапейскі дыплом узроўню "Магістр 1" (Master 1) па спецыяльнасці "Еўрапейскае права" (5 гадоў навучання).

Запрашаюцца:

- студэнты вышэйшых навучальных устаноў;

- кандыдаты, якія маюць вышэйшую адукацыю і валодаюць французскай мовай;

- вучні 11-х класаў сярэдніх школ;

- усе ахвочыя, хто валодае французскай мовай і жадае атрымаць французскую вышэйшую адукацыю.

Кандыдаты, якія маюць вышэйшую адукацыю і сертыфікат валодання французскай мовай узроўню DELF B1/B2 могуць прымацца адразу на ўзровень магістратуры.

Заняткі праходзяць на французскай мове 3 разы на тыдзень (па 2 гадзіны кожны), вядоўцы курсу - французскія і беларускія выкладчыкі.

Тэрмін навучання - 5 год пры залічэнні на 1-ы курс, 2 гады пры залічэнні адразу ў магістратуру.
Навучальная праграма распрацавана такім чынам, што магчыма сумяшчэнне атрымання асноўнай адукацыі ў беларускай вышэйшай навучальнай установе і дадатковай - у CFB.

Навучэнцы 1-га курсу вывучаюць наступныя дысцыпліны: "Французская акадэмічная пісьменнасць", "Уводзіны ў грамадскія навукі", "Палітычная гісторыя Францыі", "Уводзіны ў права", "Эканоміка". Дысцыпліны старэйшых курсаў: "Міжнародныя адносіны", "Еўрапейскія інстытуцыі", "Канкурэнтнае права Еўразвязу", "Унутраны рынак Еўразвязу", "Экалагічнае права" і г.д.

Лепшыя студэнты возьмуць удзел у летніх школах у Францыі. Лепшыя выпускнікі курсу атрымаюць стыпендыі французскага ўрада дзеля працягу навучання ў Францыі. Дыплом узроўню "Магістр 1" Універсітэта Бардо дазваляе паступаць на курс "Магістр 2" у любы еўрапейскі ўніверсітэт.

Кошт навучання - 50 еўра на год на 1-м курсе, далей залежыць ад паспяховасці студэнта/кі і складае максімум 150 еўра на год.

Запіс на курс ідзе да канца верасня 2016 года.

Каб запісацца, калі ласка, паведаміце прозвішча, імя, кантактны нумар тэлефона і асноўнае месца навучання па тэл.: (017) 335 47 98, на е-мэйл: centrefrancobielorusse@gmail.com.

Кандыдаты ў пачатку верасня будуць запрошаны на сумоўе, якое ўключае: вусны пераказ зместу артыкула з французскае прэсы і адказы на дадатковыя пытанні, якія датычацца прафесійных планаў і агульнага кругагляда.

Кандыдаты, якія жадаюць быць залічанымі адразу ў магістратуру, мусяць прайсці дадатковы пісьмовы іспыт, які доўжыцца 3 гадзіны.

Па дадатковых пытаннях, калі ласка, звяртайцеся па тэл.: (017) 335 47 98, на электронную пошту: centrefrancobielorusse@gmail.com.

Франка-беларускі цэнтр еўрапейскіх даследаванняў (CFB) ёсць сумесным праектам Амбасады Францыі ў Беларусі і Ўніверсітэта Бардо (Францыя) і ўваходзіць у склад Цэнтра міжнародных даследаванняў (CfIS), пры якім таксама працуе Цэнтр шведскіх даследаванняў.

 

Крыніца: Амбасада Францыі ў Беларусі.