Другі Міжнародны форум моладзевых арганізацый у Луцку (Украіна)

Украінская няўрадавая арганізацыя "Моладзевая платформа" запрашае прыняць удзел у 2-м Міжнародным моладзевым форуме, што адбудзецца 18-19 кастрычніка 2014 года ў горадзе Луцк, Украіна. Мэта міжнароднага форуму - сабраць вялікую колькасць грамадска актыўнай моладзі з усяго свету. На працягу двух дзён у рамках форуму будуць праходзіць прэзентацыі, дыскусіі, трэнінгі і экскурсіі па старажытным горадзе Луцк.

Сярод цікавых і карысных для моладзевых грамадскіх арганізацый мерапрыемстваў форуму - прэзентацыя найбуйнейшых украінскіх і міжнародных донарскіх фондаў і знаёмства з іх прапановамі па падтрымцы праектаў моладзевых арганізацый. У межах форуму пройдзе конкурс такіх праектаў, лепшыя з іх будуць адзначаны прэміямі спецыяльнага журы.

На 2-гі Міжнародны моладзевы форум запрошаны VIP-спікеры і госці, якія сустрэнуцца з моладдзю і дадуць практычныя рэкамендацыі ў фармаце свабоднай гутаркі.

Адным з цікавых пунктаў форуму будзе правядзенне "Сусветнага кафэ" - сусветна вядомая тэхналогія, якая дазваляе прыцягнуць у працэс абмеркавання "калектыўны інтэлект" удзельнікаў мерапрыемства і мае мэтай шматузроўневы дыялог. У межах форуму таксама адбудзецца прэзентацыя працы недзяржаўных устаноў грамадскага сектара Валыні.

Арганізатары форуму забяспечваюць пражыванне і харчаванне ўдзельнікаў мерапрыемства, але не пакрываюць транспартныя выдадкі гасцей з іншых гарадоў і краін.

Анкета-заяўка для запрашэння на форум даступная анлайн па спасылцы. Апошні дзень падачы заявак аб удзеле - 20 верасня 2014 года.

Паводле ngo.by