Будзьма беларусамі! Кірмаш праектаў у Брэсце

Грамадская культурніцкая кампанія "Будзьма беларусамі!" 19 сакавіка ладзіць у Брэсце публічную прэзентацыю "Кірмаш праектаў".

Да ўдзелу запрашаюцца арганізацыі і асобы, якія маюць крэатыўныя прапановы забаўляльных, адукацыйных, камунікацыйных акцыяў, сацыяльна-культурніцкіх мерапрыемстваў,  выданняў, аб’яднанняў ды іншых актыўнасцяў, здольных зрабіць культурнае жыццё й аблічча Брэсту цікавым, разнастайным і прыцягальным.

"Кірмаш праектаў" дае мажлівасць удзельнікам:
– знайсці партнёраў для рэалізацыі ідэі (каманду, патрэбныя сувязі), пляцоўкі ды іншыя рэсурсы,
– атрымаць экспэртную й народную ацэнку свайго праекту, даведацца пра яго мажлівасці й патэнцыйныя "падводныя камяні",
– апрабаваць і прарэклямаваць сваю задуму сярод аднадумцаў і/ці патэнцыйнай аўдыторыі.

Наведвальнікі мерапрыемства змогуць:
– далучыцца да праекту, які пасуе іх каштоўнасцям і памкненням,
– выказацца наконт неабходнасці кожнага праекту, а таксама наконт мажлівасцяў пабудаваць новыя й моцныя партнёрскія сувязі.
Перспектыва рэалізацыі праектаў на аснове эфэктыўнага ўнутрыгарадскога партнёрства стане фокусам "Кірмашу праектаў". Праекты, на ім прадстаўленыя, і высновы, на ім зробленыя, стануць нагодай для адмысловага афлайнавага ток-шоў аб узаемаразуменні паміж бізнэсам і мастацтвам у Брэсце.

Каб стаць удзельнікам мерапрыемства, неабходна да 15 сакавіка 2015 года даслаць праз эл. адрас "kirmash.brest@gmail.com" інфармацыю пра сябе (імя, узрост, род дзейнасці), апісанне сваёй ідэі, аформленае ў прэзэнтацыю (PowerPoint, Prezi і да т.п.).

"Кірмаш праектаў" пройдзе 19 сакавіка 2015 года па адрасе: Брэст, вул. Дзяржынскага, 14, культурны цэнтр "Грунтоўня". Пачатак - а 19-й.

Па дадатковых пытаннях неабходна звяртацца па тэл.: (029) 727 30 97, (029) 313 98 60 (Зьміцер Назараў, каардынатар "Будзьма беларусамі!" па Брэсцкім рэгіёне). Поўная інфармацыя пра падзею размешчана тут.

Паводле Ampby.org.