БАЖ: Курс па тэлевізійным рэпартажы (Мінск)

Беларуская асацыяцыя журналістаў запрашае на курс "Тэлевізійны рэпартаж: праца ў кадры і за кадрам". Удзельнікі навучання пазнаёмяцца з алгарытмамі, якія дазволяць структураваць працу і ствараць якасныя рэпартажы нават у сітуацыі, калі бракуе часу. Навучэнцы засвояць тэхнічныя і творчыя аспекты здымачнага працэсу, працы ў кадры, відэамантажу, а таксама пазнаёмяцца з драматургіяй малых формаў і асновамі сцэнарнага майстэрства.

Да ўдзелу запрашаюцца журналісты з досведам працы, выпускнікі факультэтаў журналістыкі альбо школ маладога журналіста, а таксама студэнты. Патрабаванне да кандыдатаў - сяброўства ў БАЖ.

Праграма курсу ўключае 8 майстар-класаў і скіравана на падрыхтоўку рэпарцёра, які самастойна можа стварыць паўнавартасны экранны прадукт.

Тэмы курсу:

- тэлерэпартаж (уцягнутасць і аб'ектыўнасць),

- відэаздымкі (тэхнічнае забеспячэнне і візуальныя рашэнні),

- праца ў кадры (вобраз і харызма),

- сцэнар (інфармацыя і драматургія),

- мантаж (крэатыў і тэхналогіі).

Лепшыя з удзельнікаў па выніках навучання атрымаюць магчымасць удзелу ў майстар-класе ў Вільні ў лістападзе 2015 года.

Навучанне праходзіць з 19 верасня па 29 лістапада 2015 года: заняткі ладзяцца па суботах з 11 да 14 гадзін.

Кандыдаты мусяць даслаць заяўку на е-мэйл: baj@baj.by (з тэмай ліста "TV", заяўка мае ўтрымліваць кароткі аповед пра сябе і абгрунтаванне жадання прайсці курс).

Дэдлайн - 15 верасня 2015 года.

 

Паводле BAJ.by.