Зваротны эфект санкцый Еўрасаюзу

Арыгінал тэксту па-ангельску (Belarus Digest):

Пераклад: ОДБ

На мінулым тыдні прадстаўнік Еўрапейскай камісіі Гунар Віганд абвясціў, што ЕС збіраецца пашырыць санкцыі супраць Беларусі, дадаўшы ў спіс з 208 афіцыйных асоб, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Еўрасаюзу, яшчэ 135 імёнаў. Некаторыя дыпламатычныя крыніцы лічаць таксама, што ў гэты спіс могуць трапіць адно ці некалькі беларускіх прадпрыемстваў.  

Еўропа хоча прадэманстраваць, што клапоціцца пра сітуацыю ў Беларусі. Некаторыя, пэўна, нават маюць спадзяванні, што ў краіне ў хуткім часе могуць пачацца народныя выступленні. Аднак такі падыход, які на Захадзе атрымаў назву “жорсткай любові” ('tough love' approach), – контрапрадуктыўны. Нягледзячы на найбуйнейшы з часоў распаду СССР эканамічны крызіс, колькасць людзей, здольных да адкрытага пратэсту, памяншаецца. Іронія хаваецца ў тым, што найбольшая колькасць пратэстоўцаў выйшла на вуліцы ў снежні 2010, калі беларусы былі значна багацейшыя, а ЕС супрацоўнічаў з беларускімі ўладамі.
 

Рада міністраў ЕС можа прыняць рашэнне па санкцыях 23 студзеня. Замест таго, каб губляць час і высілкі на пашырэнне сімвалічных санкцый, ЕС варта было б заняцца распрацоўкай новых падыходаў па аказанню дапамогі ды інтэграцыі беларускага грамадства. Аб'яднаная Еўропа павінна інвеставаць у тое, каб зрабіць сваю прысутнасць у Беларусі больш эфектыўнай, каб займець дастаткова эканамічных і палітычных рычагоў для ўплыву на сітуацыю.


Зваротны эфект санкцый

ЕС увёў у дзеянне першы набор санкцый 31 студзеня 2011 г. у адказ на парушэнні падчас правядзення прэзідэнцкіх выбараў і рэпрэсіі супраць апазіцыі і грамадзянскай супольнасці. Пазней санкцыі яшчэ некалькі разоў пашыраліся на працягу года ў спадзеве, што беларускія ўлады вызваляць палітычных вязняў, у тым ліку двух кандыдатаў у прэзідэнты Андрэя Саннікава і Мікалая Статкевіча, асуджаных да 5-6 гадоў зняволення.

У 2011 годзе амерыканскія палітыкі падтрымалі ізаляцыянісцкі падыход і ўвялі эканамічныя санкцыі супраць такіх дзяржаўных прадпрыемстваў, як ААТ “Нафтан”, ААТ “Гродна Азот”, ААТ “Хімвалакно” і ААТ “Белшына”. 3 студзеня 2012 г. Прэзідэнт Злучаных шататаў Барак Абама падпісаў “Акт па дэмакратыі і правах чалавека адносна Беларусі”, накіраваны на аказанне дадатковай дапамогі беларускай грамадзянскай супольнасці. Акт пашырае таксама існыя візавыя і фінансавыя санкцыі і заклікае арганізатараў Сусветнага чэмпіянату па хакеі 2014 г. перанесці яго з Беларусі ў іншую краіну.

Усе гэтыя дзеянні, тым не менш, наўрадці дапамагаюць дэмакратызаваць Беларусь. Якраз наадварот, сітуацыя з правамі чалавека ў краіне пагоршала ў параўнанні з 2008-2010 гг., калі ЕС і ЗША ажыццяўлялі курс супрацоўніцтва ў дачыненні да Беларусі. Напрыклад, на гэтым тыдні зняволеныя беларускія актывісты былі пераведзены на значна больш жорсткія ўмовы ўтрымання. Да таго ж, нядаўна беларускія ўлады прынялі папраўкі ў заканадаўства, што абмежавалі свабоду сходаў. Цяпер на правядзенне любой вулічнай акцыі, не зважаючы на тое, флэш-моб гэта альбо маўклівая акцыя пратэсту (што сталі папулярнымі ў Беларусі гэтым летам), патрэбны афіцыйны дазвол.

Многія еўрапейскія і некаторыя беларускія палітыкі кажуць пра тое, што візавыя санкцыі маюць вялікую сімвалічную ролю. У рэальнасці аднак некаторыя з тых, хто знаходзіцца ў “чорным спісе ЕС”, свабодна ездзяць у Еўразвяз для ўдзелу ў мерапрыемствах, арганізаваных міжурадавымі інстытуцыямі.

Давайце зірнём на факты: першы намеснік Міністра ўнутраных спраў Алег Пякарскі пабываў у Вене 24 сакавіка 2011 г. на круглым стале ЮНЕСКА, прапагандыст БТ Аляксей Міхальчанка наведаў Вільнюс дзеля саміту Рады Міністраў краін АБСЕ, і нарэшце, Анатоль Куляшоў, Міністр унутраных спраў Рэспублікі Беларусь здзейсніў афіцыйны візіт у Генеральны сакратарыят ІНТЭРПОЛу, што месціцца ў французскім Ліёне, будучы асабіста адказным за рэпрэсіі супраць дэманстрантаў 19 снежня 2010 г.

Ці з’яўляюцца эканамічныя санкцыі ключавымі для надыходу зменаў?

Некаторыя прыхільнікі ізаляцыянісцкага падыходу сцвярджаюць, што адзіны спосаб змяніць сітуацыю – гэта ўвесці супраць Беларусі жорсткія эканамічныя санкцыі, справакаваўшы эканамічны калапс. Доўгія гады найбольш радыкальныя прадстаўнікі беларускай апазіцыі спадзяваліся, што рэвалюцыя ў краіне адбудзецца з эканамічных прычын.

Летась Беларусь напаткаў самы цяжкі эканамічны крызіс за ўсю найноўшую гісторыю, аднак ніякай рэвалюцыі не адбылося. Сярэдні заробак у Беларусі на сённяшні дзень – самы нізкі ў рэгіёне, аднак “Народны сход” і іншыя апазіцыйныя акцыі, што меліся выразіць пратэст менавіта супраць пагаршэння эканамічнай сітуацыі, збіралі менш за тысячу ўдзельнікаў. Лічбы пратэстоўцаў былі значна вышэйшыя ў снежні 2010, калі санкцый яшчэ не было, а беларусы зараблялі больш і мелі значна менш прычын быць незадаволенымі, чым цяпер.

Для прыкладу возьмем таксама пратэсты супраць афіцыйнай перамогі партыі  “Адзіная Расія” ў Маскве, найбольш заможным горадзе на ўсёй пост-савецкай прасторы, у снежні 2011, дзе на вуліцы выйшла болей за 100 тысяч чалавек. Гэта адбылося праз тое, што маладыя расіяне могуць свабодна падарожнічаць у Еўропу, многія з іх маюць заходнюю адукацыю.

Сёння ў беларусаў значна больш надзённых пытанняў, што патрабуюць вырашэння, акрамя змены існуючага палітычнага рэжыму. Думаць пра дэмакратыю не стае часу, калі дома няма чаго есці.


Санкцыі амаль ніколі не працуюць

Санкцыя выглядаюць як слушны і карэтны адказ на тое, што адбываецца ў Беларусі, аднак міжнародны вопыт сведчыць, што яны не могуць прывесці да чаканых вынікаў. Рэжым на Кубе не змяніўся, а Іран і Паўночная Карэя не пакінулі спробаў займець сваю ўласную ядзерную зброю. Савецкі Саюз быў распушчаны ўласным кіраўніцтвам, а не папраўкай Джэксана-Вэніка, прынятай ЗША ў 1974 г . Азербайджан і Казахстан не вельмі дэмакратычныя на сённяшні дзень краіны, што не перашкодзіла апошняму зрабіцца старшынём АБСЕ ў 2010 годзе, а Азербайджану ўвайсці ў Раду Еўропы.

Важна адзначыць таксама, што Еўрапейскія і Амерыканскія санкцыі толькі гуляюць на руку Расіі, ствараючы ўмовы для набыцця і прыватызацыі беларускіх актываў па зніжаных коштах. Беларусікя прадпрыемствы робяцца менш прывабнымі ў вачах заходніх інвестараў пасля патраплення ў “чорны спіс”. У такой сітуацыі беларускае кіраўніцтва вымушана спадзявацца на падтрымку Масквы дзеля самазахавання. Менавіта такая сітуацыя падштурхнула Беларусь да ўдзелу разам з Расіяй і Казахстанам у інтэграцыйным праекце Еўраазійскага Саюзу.

Ізаляцыя або супрацоўніцтва?

Новая палітыка супрацоўніцтва, накіраваная на ўзмацненне беларуска-еўрапейскіх сувязей, стала б значна лепшай альтэрнатывай. ЕС неабходна наладжваць адносіны са службоўцамі і бізнесоўцамі, якія маюць сапраўдны ўплыў на сітуацыю ў краіне. У той жа час ЕС павінен больш эфектыўна падтрымліваць грамадзянскую супольнасць, знізіць кошт Шэнгенскіх віз для беларускіх грамадзян, а таксама стварыць магчымасці для значна шырэйшага адукацыйнага і прафесійнага абмену паміж Беларуссю і ЕС. Больш шчыльнае супрацоўнітва хутчэй дапамагло б вызваліць палітычных вязняў чымсьці ячшэ адзін набор “старых добрых санкцый”.

Дж.П.

Belarus Digest