Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2010: тыднёвы аналітычны агляд (4-10 кастрычніка)

Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2010:
тыднёвы аналітычны агляд (4-10 кастрычніка)

Спампаваць PDF

АГУЛЬНЫЯ ВЫСНОВЫ

1. У дадзены перыяд працягваўся збор подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты (апошні дзень збору – 29 кастрычніка). Доўгатэрміновыя назіральнікі працягваюць адзначаць выпадкі прымусу і выкарыстання адміністратыўнага рэсурсу пры зборы подпісаў у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі. Ягоная ініцыятыўная група, пры падтрымцы мясцовых уладаў, наладзіла збор подпісаў ва ўстановах адукацыі і аховы здароўя, на прадпрыемствах. Кіраўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстаноў настойліва раяць сваім падначаленым не падпісвацца ні за каго акрамя А. Лукашэнкі.

2. У якасці станоўчага моманту трэба адзначыць скарачэнне шэрагам выканкамаў колькасці месцаў, забароненых для правядзення пікетаў па зборы подпісаў. Гэта істотна пашырыла магчымасці для збору подпісаў, аднак пры гэтым толькі ініцыятыўная група А. Лукашэнкі мае рэальны доступ на тэрыторыю дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстаноў.

3. Больш поўныя дадзеныя аб складах тэрытарыяльных выбарчых камісій (ТВК) паказваюць, што каля 80% сяброў ТВК працавалі ў выбарчых камісіях падчас папярэдніх выбараў (у кіраўніцтве камісій іх доля ўзрастае амаль да 100%), нягледзячы на тое, што папярэднія выбары прайшлі з сур’ёзнымі парушэннямі. У той жа самы час, доля працаўнікоў выканкамаў у кіраўніцтве ТВК складае 40-70%, што дэманструе моцную залежнасць камісій ад выканаўчай улады.

4. Ні адна са скарг на неўключэнне ў склад ТВК з боку прадстаўнікоў палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў і грамадзян не была задаволена, што ставіць пад сумненне эфектыўнасць працэдуры абскарджання.

5. Колькасць прэтэндэнтаў у кандыдаты на пасаду Прэзідэнта скарацілася з 17 да 15; разам з былым кандыдатам у Прэзідэнты 2001 і 2006 гадоў Сяргеем Гайдукевічам ад удзелу у выбарах адмовіўся не заўважаны раней ў палітычным жыцці Пётр Барысаў. Гайдукевіч патлумачыў сваё рашэнне тым, што «выбары ў Беларусі – гэта спектакль, вынікі якога ўжо даўно ўсім вядомыя».

I. СКЛАД І ДЗЕЙНАСЦЬ ТЭРЫТАРЫЯЛЬНЫХ ВЫБАРЧЫХ КАМІСІЙ

Згодна з Каляндарным планам па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў, да 6 кастрычніка мясцовыя улады павінны былі абнародаваць дадзеныя аб складзе тэрытарыяльных выбарчых камісій (ТВК). Гэта было зроблена, але практычна паўсюль дзяржаўная прэса апублікавала спісы сяброў ТВК без указання іх месца працы і службовай пасады. Гэта не дазваляе праверыць афіцыйныя дадзеныя ЦВК аб тым, што ў склад камісій увайшло 408 дзяржаўных служачых (20,4% ад 2 000 сяброў ТВК; Выбарчы кодэкс дазваляе «не больш траціны» дзяржаўных служачых у складзе камісій).

Даступныя дадзеныя пацвярждаюць папярэднюю выснову маніторынга выбараў аб тым, што ў склад камісій увайшлі пераважна тыя, хто ўжо ўваходзіў у выбарчыя камісіі у папярэднія гады. Напрыклад, са 117 сяброў раённых ТВК у г. Мінску як мінімум 88 чалавек (75,2%) уваходзілі ў склад выбарчых камісій на папярэдніх выбарах. Шмат ў якіх ТВК гэты паказчык роўны 100%.

Цягам тыдня створаныя ТВК правялі свае першыя пасяджэнні, на якіх былі абраныя старшыні, намеснікі старшыняў і адказныя сакратары камісій, а таксама разгледжаны некаторыя моманты арганізацыі выбараў. Назіральнікі адзначаюць закрытасць працы ТВК. Так, многія камісіі працуюць, не абазначыўшы свае памяшканні адпаведнымі шыльдамі з назваю і гадзінамі працы. Мелі месца пасяджэнні камісій без папярэдняга інфармавання аб гэтым ў мясцовых СМІ і  на афіцыйных web-старонках выканкамаў. У некалькіх выпадках назіральнікі не мелі магчымасці даведацца пра час і месца паседжання ТВК па тэлефонах камісій і адпаведных чыноўнікаў. Назіральнікі таксама адзначаюць, што ТВК не спяшаюцца публікаваць вынікі першых сваіх пасяджэнняў. Многія камісіі гэта зрабілі са значным спазненнем ці не зрабілі на дадзены момант ўвогуле (напрыклад, Аршанскія раённая і гарадская ТВК).

Па папярэдніх ацэнках назіральнікаў, доля працаўнікоў выканкамаў на ключавых пасадах ТВК складае 40-70%, а доля тых, хто раней уваходзіў у склад ТВК (і, часцей за ўсё, займаў у іх кіруючыя пасады) – амаль 100%. Месцам працы камісій у большасці выпадкаў абраныя памяшканні выканкамаў, хаця ёсць і выключэнні з гэтага правіла. Гэта, напрыклад, датычыць Ленінскай і Кастрычніцкай раённых ВК г. Гродна. Аднак, першае пасяджэнне названых камісіяў усё роўна прайшло ў гарвыканкаме.

Такім чынам, залежнасць працы ТВК ад органаў выканаўчай улады, а таксама пераемнасць традыцый фарміравання ТВК з часоў папярэдніх выбараў, з’яўляецца на гэтым этапе выбараў відавочнай.     

II. ВЫЗНАЧЭННЕ МЕСЦАЎ, ЗАБАРОНЕНЫХ ДЛЯ ПІКЕТАЎ ПА ЗБОРЫ ПОДПІСАЎ

На працягу тыдня назіралася тэндэнцыя, калі мясцовыя выканаўчыя органы ўлады прымалі новыя рашэнні аб вызначэнні месцаў забароненых для пікетавання ў мэтах збору подпісаў, альбо ўносілі змены ў раней прынятыя адпаведныя рашэнні. У выніку шмат у якіх рэгіёнах былі значна пашыраныя магчымасці для збору подпісаў шляхам пікетавання. Такія рашэнні, у прыватнасці,  былі прынятыя ў Брэсце, Бярозе, Пінску (Брэсцкая вобл.), Барані (Аршанскі р-н Віцебскай вобл.), Салігорску (Мінская вобл.), Рэчыцы (Гомельская вобл.), а ў адпаведнае рашэнне Магілёўскага гарвыканкама былі ўнесеныя змены. Гэтыя тэндэнцыі маюць станоўчы характар і скіраваныя на паляпшэнне ўмоваў для збору подпісаў ініцыятыўнымі групамі.

III. ПЕРАШКОДЫ ЗБОРУ ПОДПІСАЎ

Перашкодаў пры правядзенні пікетаў па зборы подпісаў з боку МУС не зафіксавана. Акрамя таго, міністр унутраных спраў Анатоль Куляшоў заявіў, што супрацоўнікі МУС атрымалі рэкамендацыі не перашкаджаць збору подпісаў, нават пры наяўнасці нязначанага парушэння закону.

Аднак, як і падчас папярэдніх выбарчых кампаній, адміністрацыі студэнцкіх і працоўных інтэрнатаў не дазваляюць сябрам ініцыятыўных групаў апазіцыйных прэтэндэнтаў у кандыдаты збіраць подпісы ў інтэрнатах спасылаючыся на адсутнасць адпаведнага дазволу з боку кіраўніцтва ўстановаў, у адміністрацыйным падпарадкаванні якіх гэтыя інтэрнаты знаходзяцца. У той жа час, у адпаведнасці з п. 9 пастановы ЦВК №47 ад 15 верасня 2010 года, пры зборы подпісаў у выбаршчыкаў, якія пражываюць у інтэрнатах, сябры ініцыятыўных груп усяго толькі павінны выконваць правілы ўнутранага распарадку інтэрната, які прадугледжвае парадак наведвання інтэрната асобамі, якія ў ім не пражываюць. Факты нядопуску сяброў інцыятыўных груп некаторых апазіцыйных кандыдатаў у інтэрнаты былі зафіксаваныя доўгатэрміновымі назіральнікамі кампаніі ў Салігорску (Мінская вобл.), Полацку (Віцебская вобл.),  Мінску (ініцыятыўная група У. Някляева) і Гомелі (ініцыятыўная група В. Рымашэўскага).

Аналагічным чынам ініцыятыўныя групы усіх прэтэндэнтаў, за выключэннем А. Лукашэнкі, фактычна пазбаўленыя магчымасці збору подпісаў на тэрыторыі дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстановаў.

IV. ЗБОР ПОДПІСАЎ ЗА ВЫЛУЧЭННЕ А. ЛУКАШЭНКІ

Назіральнікі адзначаюць шырокі ўдзел адміністрацый дзяржаўных арганізацый у зборы подпісаў за вылучэнне ў якасці кандыдата ў Прэзідэнты А. Лукашэнкі, а таксама шматлікія выпадкі збору подпісаў за яго асобамі, якія не з’яўляюцца сябрамі ягонай ініцыятыўнай групы. Таксама назіральнікамі фіксаваліся выпадкі арганізаванага адміністрацыямі збору подпісаў ва ўстановах адукацыі і аховы здароўя, на прадпрыемствах. Гэта паўтарае практыку збору подпісаў за вылучэнне А. Лукашэнкі на выбарах 2006 года і супярэчыць арт. 61 Выбарчага кодэкса, згодна з якім ўдзел адміністрацыі арганізацый у зборы подпісаў, а роўна і прымус у працэсе збору подпісаў не дапускаецца.

Подпісы за А. Лукашэнку, як і падчас папярэдніх прэзідэнцкіх кампаній, збіраюцца непасрэдна на працоўных месцах. Як паведамляюць доўгатэрміновыя назіральнікі, распаўсюджанай з’явай з’яўляецца патрабаванне начальства прыходзіць на працу з пашпартамі. Напрыклад, у сярэдняй школе № 12 г. Віцебска завуч «прапанавала» прыходзіць з пашпартамі, каб паставіць подпіс за дзеючага Прэзідэнта. Пашпартныя дадзеныя часта падаюцца са словаў (без прад’яўлення пашпарту) або бяруцца з асабістых справаў работнікаў.

Распаўсюджаным з’яўляецца збор подпісаў сябрамі ініцыятыўнай групы А. Лукашэнкі ў свой працоўны час. У Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф. Скарыны подпісы збірае намеснік начальніка Упраўлення выхаваўчай работы з моладзю Святлана Мілёхіна ў буднія дні з 8.00 да 18.00, па суботах – у першай палове дня.

Агульнае кіраванне працэсам збору подпісаў за А. Лукашэнку ажыццяўляюць выканкамы. Так, напрыклад, намеснік старшыні Слуцкага раённага выканаўчага камітэта па пытаннях сацыяльнай сферы і ідэалагічнай працы Пётр Даўгучыц прапанаваў толькі адну тэму для абмеркавання на нарадзе ідэалагічных працаўнікоў раёна – працэс збору подпісаў на прадпрыемствах за дзеючага Прэзідэнта. У г. Бабруйску на сход, які адбыўся ў адміністрацыі Першамайскага раёна, былі сабраныя настаўнікі школ раёна. Да кожнага быў даведзены «план» у 300 подпісаў за А. Лукашэнку. Падобны план даведзены і да настаўнікаў г. Баранавічы. 7 кастрычніка намесніца начальніка ўпраўлення адукацыі Баранавіцкага гарвыканкама Марыя Светлакова правяла тэрміновую нараду з настаўнікамі, якія ўваходзяць у склад ініцыятыўнай групы А. Лукашэнкі, на якой яна ў катэгарычнай форме запатрабавала ад настаўнікаў сабраць як мінімум па 200 подпісаў за дзеючага Прэзідэнта.

Кіраўнікі дзяржаўных устаноў і прадпрыемстваў заклікаюць не ставіць подпісаў ні за кога, акрамя А. Лукашэнкі. Так, дырэктар Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага аблугоўвання насельніцтва г. Слуцка Ірына Пятровіч, якая да таго ж з’яўляецца сябрам Слуцкай раённай ВК, правяла нараду, на якой запатрабавала ад падначаленых падпісвацца толькі за А. Лукашэнку. Галоўны ўрач Глыбоцкай цэнтральнай раённай бальніцы Сяргей Петухоў і яго намеснік Сяргей Маціеўскі праводзяць гутаркі агітацыйнага плана, распавядаючы, што голас трэба аддаваць за дзеючага Прэзідэнта. Дырэктар Полацкай вячэрняй школы № 1 Васіль Булянкоў забараніў настаўнікам падпісвацца не за А. Лукашэнку пад пагрозай звальнення. У Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце студэнцкая рада заявіла, што для ўсіх, хто падпісаўся за «не за таго» кандыдата, будуць знойдзены прычыны для выключэння з універсітэта.

V. РАШЭННІ ПРА НЯЎДЗЕЛ У ВЫБАРАХ

За справаздачны перыяд два прэтэндэнты знялі свае кандыдатуры з прэзідэнцкіх выбараў. Першым (7 кастрычніка) гэта зрабіў Пётр Барысаў на карысць В. Рымашэўскага. 8 кастрычніка заяву аб зняцці сваёй кандыдатуры падаў у ЦВК Сяргей Гайдукевіч, кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2001 і 2006 гадоў. Тлумачачы сваё рашэнне, С. Гайдукевіч заявіў, што «выбары ў Беларусі – гэта спектакль, вынікі якога ўжо даўно ўсім вядомыя». Такім чынам, па стане на 10 кастрычніка збор подпісаў працягваюць 15 ініцыятыўных груп.

VI. ЗАЯВЫ І СКАРГІ, ЗВЯЗАНЫЯ З ВЫБАРАМІ

Па дадзеных ЦВК, на стане на 6 кастрычніка, з 27 скаргаў, пададзеных ў суд на рашэнні аб фарміраванні тэрытарыяльных выбарчых камісій, 12 былі пакінутыя без разгляду. Ні адна са скаргаў аб неўключэнні прадстаўнікоў палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў і грамадзян у склад ТВК усіх узроўняў задаволена не была. Так, Магілёўскім абласным судом не был задаволеная скарга на рашэнне Магілёўскага аблвыканкама аб неўключэнні прадстаўніка Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Анатоля Заўялава ў склад абласной выбарчай камісіі. Гэты ж суд не задаволіў аналагічную скаргу абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання БНФ «Адраджэнне» аб неўключэннні ў склад камісіі прадстаўніка гэтага аб’яднання Сяргея Фаміна. Гродзенскі абласны суд не задаволіў скаргу на Гродзенскі аблвыканкам аб неўключэнні ў склад абласной камісіі прадстаўніка партыі «Справядлівы свет» Віктара Міхальчыка. Такія ж рашэнні былі прынятыя судом г. Баранавічы і Баранавіцкага р-на (Брэсцкая вобл.), Віцебскім абласным судом, судом Аршанскага р-на (Віцебская вобл.), Смаргонскага р-на (Гродзенская вобл.), судамі Барысаўсага і Светлагорскага р-наў (Мінская вобл.).

Напрыклад, адмова Вінцуку Вячорку на скаргу аб неўключэнні ў склад выбарчай камісіі, ЦВК абгрунтавала так: «Камісія Цэнтральнага раёна г. Мінска сфармаваная ў максімальным складзе з 13 сяброў у адпаведнасці з патрабаваннямі Выбарчага кодэксу. Усяго ў склад камісіі было вылучана 14 грамадзянаў. Паколькі колькасць прапановаў аб уключэнні ў склад камісіі перавышала максімальны колькасны склад камісіі, то неўключэнне Вас у склад названай камісіі не можа разглядацца як парушэнне нормаў Выбарчага кодэксу». Такім чынам, суд адмовіўся разглядаць дыскрымінацыйны характар неўключэння апазіцыянера ў склад выбарчай камісіі.

Асноўная прычына адмоваў судоў у задавальненні скаргаў на неўключэнні ў склад выбарчых камісій – гэта адсутнасць вызначаных Выбарчым кодэксам крытэрыяў адбору прэтэндэнтаў у склад выбаркамаў. Адсутнасць такіх крытэрыяў сведчыць аб бессэнсоўнасці нормы Выбарчага кодэкса, якае надзяляе суб’екты, якія вылучалі сваіх прадстаўнікоў у склад выбарчых камісій правам судовага абскарджання адпаведных рашэнняў.

VII. CРОДКІ МАСАВАЙ ІНФАРМАЦЫІ

Інфармацыя пра выбары ў дзяржаўных СМІ па-ранейшаму характарызуецца тэндэнцыйнасцю і аднабаковасцю на карысць дзеючага Прэзідэнта.

Баранавіцкая газета «Наш край» (Брэсцкая вобл.) у № 117 ад 5 кастрычніка паведаміла пра актыўную дзейнасць па зборы подпісаў сяброў прапрэзідэнцкага Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» на ўсіх буйных прадпрыемствах горада. У газеце таксама не паведамлялася пра дзейнасць ініцыятыўных груп іншых кандыдатаў. Цалкам ігнараваўся гэты аспект выбараў у газеце «Вiцьбiчы» (№ 122 ад 7 кастрычніка).

Бярозаўская раённая газета «Маяк» (Брэсцкая вобл.) № 76 ад 29 верасня змясціла артыкулы, у якіх крытыкуецца беларуская апазыцыя і ўскосна – будучыя апазыцыйныя кандыдаты у Прэзідэнты. «Бабруйскае жыццё» (Магілёўская вобл.) рэгулярна друкуе матэрыялы аўтара, знаёмага чытачам, як пастаянны крытык апазіцыі. У нумары газеты ад 6 кастрычніка змешчаны зварот «Каардынацыйнага Савета грамадскіх аб’яднанняў, палітычных партый г. Бабруйска». Зварот зводзіцца да пераліку значных дасягненняў улады і закліку «зрабіць правільны выбар». Назіральнікі сведчаць, што яны ніколі не сутыкаліся з дзейнасцю падобнага савета ў г. Бабруйску і невядома, якія арганізацыі ў яго ўваходзяць.

Паводле доўгатэрміновых назіральнікаў, многія рэгіянальныя СМІ (Мастоўская «Зара над Нёманам», «Астравецкая праўда», «Ашмянскi веснiк», «Светлагорскія навіны», «Лунінецкія навіны» ды інш.) практычна не публікуюць матэрыялаў, прысвечаных выбарам, акрамя афіцыйных паведамленняў раённай улады. Не адлюстроўваюць галоўную палітычную падзею году сталічная грамадска-палітычная і інфармацыйная газета «Вечерний Минск», «Минский курьер». Сайты раённых адміністрацый актыўна цытуюць матэрыялы прэс-канферэнцыі А. Лукашэнкі расійскім СМІ, якая адбылася 1 кастрычніка.

Для недзяржаўных СМІ, у тым ліку інтэрнэт-рэсурсаў, выбарчая кампанія з’яўляецца галоўнай тэмай, пры гэтым перавага надаецца інфармацыі пра кандыдатаў ад апазіцыі. Дзейнасць А. Лукашэнкі асвятляецца крытычна. Пры гэтым неабходна адзначыць, што тыражы і адпаведна аўдыторыя незалежных СМІ істотна меншыя за тыражы і аўдыторыю дзяржаўных.

VIII. НАЗІРАННЕ ЗА ВЫБАРАМІ

Назіральнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» адзначаюць, што стаўленне да іх з боку уладаў у параўнанні з папярэднімі выбарчымі кампаніямі ў цэлым палепшылася. Фармальна перашкодаў назіранню амаль не ствараецца, аднак ускладняецца атрыманне інфармацыі ад дзяржаўных устаноў.

Прадстаўнікі прадзяржаўных грамадскіх аб’яднанняў пачалі рэгістравацца  назіральнікамі ў ТВК, аднак рэальна не ўдзельнічаюць у назіранні. Так, назіральнік ад Беларускага Хельсінкскага камітэта Віталь Амяльковіч прысутнічаў 7 кастрычніка на чарговым пасяджэнні Слуцкай раённай ВК, на якім высветліў, што ў дадзенай камісіі на момант правядзення пасяджэння акрамя яго самога зарэгістравана яшчэ 5 назіральнікаў: ад рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь», грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» і грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз афіцэраў». Пры гэтым на паседжанні прысутнічаў толькі В. Амяльковіч.

____________________________________________________________________________
Мэтай кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» з’яўляецца назіранне за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, ацэнка выбарчага працэсу з пункту гледжання беларускага выбарчага заканадаўства і міжнародных стандартаў свабодных і дэмакратычных выбараў, інфармаванне пра нашыя высновы беларускай грамадскасці і міжнароднай супольнасці. Кампанія з’яўляецца незалежнай і палітычна незаангажаванай. Інфармацыю пра кампанію можна знайсці на сайтах праваабарончага цэнтра «Вясна» (http://spring96.org) і Беларускага Хельсінкскага камітэта (http://belhelcom.org).

Праваабаронцы за свабодныя выбары!