Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2010: тыднёвы аналітычны агляд (18-24 кастрычніка)

http://www.nv-online.info/get_img?NrImage=2&NrArticle=15400Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2010: тыднёвы аналітычны агляд (18-24 кастрычніка)
Глядзець у фармаце pdf

АГУЛЬНЫЯ ВЫСНОВЫ

1. Цэнтральная выбарчая камісія (ЦВК) адмовілася разглядаць прапанову аб публічнай дэманстрацыі бюлетэняў пры падліку галасоў, нягледзячы на адсутнасць празрыстасці пры падліку галасоў падчас папярэдніх выбараў, зафіксаваную назіральнікамі, і сумеснае меркаванне Венецыянскай камісіі і БДІПЧ АБСЕ аб тым, што змены ў выбарчым заканадаўстве ў студзені 2010 года ніякім чынам не спрыялі таму, каб «сябры участковых камісій падлічвалі галасы транспарэнтным і адкрытым для належнага назірання чынам».

2. Тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі (ТВК) працягвалі працаваць ў закрытым рэжыме і ў большасці выпадкаў не інфармавалі назіральнікаў пра час сваіх пасяджэнняў, а таксама адмаўлялі ў прадстаўленні інфармацыі, акрамя той, што абвяшчаецца афіцыйна.

3. Назіральнікі працягваюць фіксаваць масавы удзел асобаў, якія не з’яўляюцца сябрамі ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі, а таксама адміністрацыяў дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстановаў у зборы подпісаў у яго падтрымку.

4. Выбарчыя камісіі, суды і пракуратура працягваюць адмаўляць у задавальненні скаргаў, што датычаць парушэнняў падчас збору подпісаў ў падтрымку А. Лукашэнкі.

5. Дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі працягваюць ігнараваць тэму выбараў, пры гэтым праводзіцца актыўная інфармацыйная кампанія з удзелам ідэалагічных службаў прадпрыемстваў і ўстановаў, якая прадстаўляе маючы адбыцца напярэдадні выбараў чацвёрты Усебеларускі народны сход як «вышэйшую форму волевыяўлення народа», што сведчыць пра імкненне ўладаў прадставіць прэзідэнцкія выбары як другасную форму ўдзелу народа ў фарміраванні ўлады ў краіне.

6. Колькасць ініцыятыўных групаў, якія заявілі аб зборы неабходных 100 000 подпісаў, павялічылася да пяці (да групаў А. Лукашэнкі і Уладзіміра Някляева, якія заявілі пра гэта раней, далучыліся групы Андрэя Саннікава, Яраслава Раманчука і Віктара Цярэшчанкі), а колькасць прэтэндэнтаў на пасведчанне кандыдата ў Прэзідэнты зменшылася з 15 да 14 (Сяргей Рыжоў заявіў аб спыненні свайго ўдзелу ў выбарчай кампаніі).


I. ДЗЕЙНАСЦЬ ВЫБАРЧЫХ КАМІСІЙ

ЦВК адмовілася разглядаць прапанову грамадзяніна Алега Мацкевіча аб публічнай дэманстрацыі бюлетэняў пры падліку галасоў, тлумачачы сваю адмову тым, што А. Мацкевіч «прапануе ўсталяваць новыя нормы выбарчага заканадаўства, што выходзіць за межы кампетэнцыі ЦВК», і што «ЦВК падрабязна патлумачыла працэдуру падліку галасоў выбаршчыкаў і ўстанаўлення вынікаў галасавання ў Метадычных рэкамендацыях» .

Неабходна нагадаць, што паводле сумеснага меркавання Венецыянскай камісіі Савета Еўропы і Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ беларускае выбарчае заканадаўства (з улікам зменаў у студзені 2010 года) не забяспечвае таго, каб «сябры участковых камісій падлічвалі галасы транспарэнтным і адкрытым для належнага назірання чынам».

Шмат якія ТВК працягваюць працаваць у закрытым рэжыме. Напрыклад, у г. Гродна назіральнікам Святлане Рудкоўскай і Раману Юргелю не паведамілі пра пасяджанні тэрытарыяльных камісій Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў, пры тым, што яны зарэгістраваныя назіральнікамі ў гэтых камісіях і атрымалі цвёрдае абяцанне быць запрошанымі на ўсе афіцыйныя пасяджэнні камісій.

II. ЗБОР ПОДПІСАЎ

Акрамя ініцыятыўных груп А. Лукашэнкі і У. Някляева пра пераадоленне стотысячнага бар’еру ў зборы подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты на тыдні заявілі ініцыятыўныя групы Я. Раманчука, А. Саннікава і В. Цярэшчанкі. Спыніў збор подпісаў і адмовіўся ад далейшага ўдзелу ў выбарчай кампаніі С. Рыжоў, назваўшы адной з прычын ціск уладаў на асобных сяброў яго ініцыятыўнай групы. Пры гэтым на запыт прадстаўнікоў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» ім не было прадстаўлена пацвярджэнняў ціску ўладаў. Назіральнікі таксама не змаглі атрымаць інфармацыю пра яго скаргі ў кампетэнтныя органы. Удзел у выбарчай кампаніі працягваюць 14 прэтэндэнтаў.

Назіральнікі па-ранейшаму адзначаюць шырокае выкарыстанне  адміністратыўнага рэсурсу пры зборы подпісаў у падтрымку вылучэння А. Лукашэнкі.

З 30 верасня збор подпісаў па вылучэнні А. Лукашэнкі кандыдатам у Прэзідэнты адбываецца на 179 пунктах і пікетах Рэспубліканскага грамадска аб’яднання «Белая Русь». З 12 кастрычніка да іх працы далучыліся яшчэ 157 грамадскіх прыёмных РГА «Белая Русь». Зафіксаваны факты збору подпісаў у падтрымку вылучэння А. Лукашэнкі ў памяшканнях грамадскіх прыёмных, створаных пры гарадскіх і раённых выканкамах з мэтай «паляпшэння якасці адукацыі, жыллёвай, сацыяльнай, спартыўнай, культурнай сфер жыцця грамадзян» . Напрыклад, збор подпісаў вядзецца ў грамадскай прыёмнай Чыгуначнага раёна г. Гомеля, якая знаходзіцца ў Гомельскай абласной бібліятэцы. Як паведамляюць назіральнікі, менавіта ў кастрычніку рэжым працы многіх грамадскіх прыёмных пашыраны на выходныя дні з 11.00 да 15.00.

З 14 кастрычніка на працягу двух тыдняў Упраўленне адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна г. Мінска забяспечвае ўдзел супрацоўнікаў устаноў адукацыі ў пікеце па зборы подпісаў у падтрымку А. Лукашэнкі на пляцоўцы каля рынка «Серабранка» . Да кіраўнікоў школ і дзіцячых садкоў раёна даведзены графік удзелу ў пікеце, складзены, паводле кіраўніка аддзела ідэалагічнай і выхаваўчай працы згаданага Упраўлення Анжэлы Насковай, па рэкамендацыі і з удзелам прадстаўніка штаба А. Лукашэнкі. Пры гэтым А. Наскова сцвярджае, што падначаленыя ўпраўленню працоўныя калектывы і асобныя супрацоўнікі могуць адмовіцца ад удзелу ў пікеце.

Старшыня Бокшыцкага сельскага выканкама (Слуцкі раён, Мінская вобласць) Ганна Шахновіч, якая не з’яўляецца сябрам ініцыятыўнай групы А. Лукашэнкі, асабіста збірала подпісы ў яго падтрымку, аб’язджаючы некаторыя вёскі сельсавета. У Бабруйскай гарадской паліклініцы №7 збор подпісаў ажыццяўляўся падчас прыёму ў кабінеце флюараграфіі. Прычым, па сведчаннях жыхароў 6-га мікрараёна г. Бабруйска, гатовым падтрымаць А. Лукашэнку прапаноўвалася зрабіць флюараграфію па-за чаргой. Непасрэдна пасля ранішняга медагляду перад працоўнай зменай збірала подпісы кіроўцаў медработнік ВУ «Полацкгаз». Не з’яўляючыся сябрам ініцыятыўнай групы А. Лукашэнкі, вахцёр інтэрната №3 у г. Слуцку, які належыць УП «Мінскаблсельбуд», патрабавала ад жыльцоў пакінуць подпісы ў падтрымку вылучэння Прэзідэнта.

16-17 кастрычніка ў г. Ганцавічы (Брэсцкая вобласць) падчас збору подпісаў за вылучэнне У. Някляева міліцыянер і чалавек у цывільным прысутнічалі пры размовах пікетоўшчыкаў з грамадзянамі, што не садзейнічала іх свабоднаму волевыяўленню. Сталічная міліцыя, па ацэнках назіральнікаў, ставіцца да ўдзельнікаў пікетаў лаяльна.

III. ЗАЯВЫ І СКАРГІ, ЗВЯЗАНЫЯ З ВЫБАРАМІ

У выбарчыя камісіі розных узроўняў і іншыя дзяржаўныя органы працягвалі паступаць скаргі ад грамадзянаў і іншых суб'ектаў выбарчага працэсу (палітычных партый, сяброў ініцыятыўных груп). Скаргі ад сяброў ініцыятыўных груп у асноўным датычыліся выпадкаў забароны адміністрацыямі ўстановаў і арганізацый ажыццяўляць збор подпісаў у інтэрнатах, якія знаходзяцца ў іх адміністратыўным падпарадкаванні (доступ на тэрыторыю дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстановаў ім закрыты ўвогуле).  Што тычыцца ініцыятыўнай групы А. Лукашэнкі, то яе сябры маюць неабмежаваны доступ ў любыя інтэрнаты, прадпрыемствы і установы.

Як і раней, ЦВК не разглядае скаргі на парушэнне выбарчага заканадаўства сябрамі ініцыятўнай групы А. Лукашэнкі, а скіроўвае іх у ніжэйстаячыя тэрыятарыяльныя выбарчыя камісіі. У сваю чаргу, ТВК і органы пракуратуры не знаходзяць парушэнняў выбарчага заканадаўства пры разглядзе такіх скаргаў, нават у выпадках, калі такія парушэнні носяць відавочны характар.

На скаргу аб забароне збору подпісаў ў падтрымку аднаго з апазіцыйных кандыдатаў у інтэрнаце Полацкага дзяржаўнага універсітэту (ПДУ) пракуратура г. Наваполацка адказала, што збор подпісаў у інтэрнатах адбываецца ў адпаведнасці з пастановай ЦВК № 43 ад 15 верасня 2010 года, згодна з якой сябры ініцыятыўных групаў павінны выконваць правілы ўнутранага распарадку інтэранатаў, якія прадугледжваюць парадак іх наведвання асобамі, якія ў іх не пражываюць. Прарэктар ПДУ па выхаваўчай рабоце і адміністрацыя інтэрната распарадзіліся абмежаваць доступ у інтэрнат у «мэтах стварэння аптымальных умоваў для засялення студэнтаў першага курса» і «іх адаптацыі да ўмоваў пражывання ў інтэрнаце». У сувязі з гэтым пры праверцы скаргі аб забароне збіраць подпісы ў інтэрнаце пракуратура ніякіх парушэнняў не выявіла.

Аналагічны адказ на скаргу аб забароне збору подпісаў выбаршчыкаў у інтэрнаце Гродзенскага медыцынскага каледжу атрымаў ад Ленінскай раённай выбарчай камісіі г. Гродна Алег Калінкаў, член ініцытыўнай групы У. Някляева.

Намеснік старшыні Гомельскай абласной выбарчай камісіі Аляксандр Усаў пракаментаваў скаргу назіральнікаў на незаконнасць збору подпісаў 5 кастрычніка ў галоўным корпусе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту (г. Гомель) пад кіраўніцтвам прарэктара па выхаваўчай рабоце, старшыні Чыгуначнай раённай арганізацыі РГА «Белая Русь», кіраўніка ініцыятыўнай групы А. Лукашэнкі па Чыгуначным раёне г. Гомеля Галінай Чаянковай. А. Усаў адзначыў, што «прарэктар сапраўды збірала подпісы, але рабіла гэта, знаходзячыся ў адпачынку, так што прымушаць студэнтаў распісвацца ў падпісных лістах яна не магла». Варта адзначыць, што ч. 8 арт. 61 Выбарчага кодэкса наўпрост забараняе ўдзел адміністрацыі арганізацый у зборы подпісаў незалежна ад таго, у які час адбываецца такі збор, бо такое абмежаванне скіравана на пазбаўлення магчымасці выкарыстання службовага становішча зборшчыкамі подпісаў, для прамога ці ўскоснага ціску на грамадзянаў, выкарыстоўваючы іх залежнасць па працы ці вучобе.

Засталіся без прававой ацэнкі сведчанні былога супрацоўніка міліцыі Мікалая Казлова аб фальсіфікацыі на адным з выбарчых участкаў г. Мінска падчас парламенцкіх выбараў 2008 года , і словы старшыні Брэсцкага аблвыканкама Канстанціна Сумара на прэс-канферэнцыі 30 верасня для прадстаўнікоў рэгіянальных СМІ. К. Сумар заявіў: «Колькасць прагаласаваўшых за Лукашэнку [у 2006 годзе – «Праваабаронцы за свабодныя выбары»] была такой вялікай, што прыйшлося яе зменшыць на 16 тысяч». На адпаведную скаргу праваабаронцаў пракуратура Брэсцкай вобласці дала адказ, што доказаў фальсіфікацыі вынікаў выбараў 2006 года, сведчанняў пра парушэнні пры падліку галасоў у Брэсцкай вобласці няма.


IV. CРОДКІ МАСАВАЙ ІНФАРМАЦЫІ

Дзяржаўныя друкаваныя і электронныя СМІ, як цэнтральныя, так і рэгіянальныя, працягваюць замоўчваць тэму выбараў. Друкуецца толькі афіцыйная інфармацыя пра дзейнасць выбарчых камісій розных узроўняў. Як і падчас выбарчай кампаніі 2006 года, прозвішчы асоб, якія прэтэндуюць на вылучэнне кандыдатамі ў Прэзідэнты, не згадваюцца. Журналіст газеты «Вечерний Бобруйск» (Магілёўская вобласць) Дзмітрый Растаеў у сваіх матэрыялах расказаў пра ход збору подпісаў у Бабруйску, прывёўшы не толькі прозвішчы розных прэтэндэнтаў, але і змясціў фотаздымкі з пікетаў. У сувязі з гэтым выдавец газеты Валянцін Сысой быў выкліканы да намесніка старшыні Бабруйскага гарвыканкама Міхаіла Кавалевіча.

Намнога больш актыўна ў параўнанні з выбарамі, дзяржаўныя СМІ актыўна асвятляюць падрыхтоўку да чацвёртага Усебеларускага народнага сходу, які адбудзецца 6-7 снежня 2010 года ў Мінску. Амаль усе друкаваныя дзяржаўныя грамадска-палітычныя выданні ў той ці іншай ступені цытуюць матэрыял «Усебеларускі народны сход – вопыт дэмакратыі», падрыхтаваны для ідэалагічных службаў прадпрыемстваў і ўстановаў Інфармацыйна-аналітычным цэнтрам пры Адміністрацыі Прэзідэнта, які падае сход як «важнейшую форму народаўладдзя ў рэспубліцы» і «вышэйшую форму волевыяўлення народа» .

V. НАЗІРАННЕ ЗА ВЫБАРАМІ

Паводле афіцыйнай інфармацыі ЦВК, па стане на 20 кастрычніка выбарчыя камісіі розных узроўняў акрэдытавалі 271 нацыянальнага назіральніка.

20 кастрычніка распачала працу першая група міжнароднага назірання – місія СНД, акрэдытаваўшы ў ЦВК 27 сваіх назіральнікаў. Доўгатэрміновыя назіральнікі ад АБСЕ плануюць пачаць сваю працу ў сярэдзіне лістапада.


___________________________________________________________________________
Мэтай кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» з’яўляецца назіранне за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, ацэнка выбарчага працэсу з пункту гледжання беларускага выбарчага заканадаўства і міжнародных стандартаў свабодных і дэмакратычных выбараў, інфармаванне пра нашыя высновы беларускай грамадскасці і міжнароднай супольнасці. Кампанія з’яўляецца незалежнай і палітычна незаангажаванай. Інфармацыю пра кампанію можна знайсці на сайтах праваабарончага цэнтра «Вясна» (http://spring96.org) і Беларускага Хельсінкскага камітэта (http://belhelcom.org).

Праваабаронцы за свабодныя выбары!