Сёмы выпуск BISS Trends

BISS прадстаўляе сёмы выпуск BISS Trends - штоквартальнага маніторынгу асноўных тэндэнцый палітычнага, сацыяльнага і эканамічнага развіцця краіны. Лета, пад час якога назіраўся працяг палітычных замаразкаў на фоне развіцця валютнага і эканамічнага крызісу, скончылася, і, мабыць, восеньская прахалода падштурхнула беларускія ўлады да пачатку больш прагматычнай, чым было раней, гульні. Хутчэй за ўсё, новая стратэгія беларускіх уладаў на восень будзе выяўляцца ў спробе неяк нармалізаваць адносіны з Захадам, запусціць бачнасць плюралізму і дыялогу ўнутры краіны, на фоне нясмелых эканамічных рэформаў.

У вобласці палітычнай лібералізацыі і дэмакратызацыі мы назіралі адсутнасць змен. Нягледзячы на памілаванне шэрагу палітычных зняволеных і нягледзячы на рашэнне ўладаў пакінуць у спакоі шэраг апазіцыйных газет, беларускія ўлады, тым не менш, пасадзілі ў турму праваабаронцу Бяляцкага.

У галіне эканамічнай лібералізацыі  мы фіксуем далейшую дэлібералізацыю. Кіруючы эканомікай у «ручным рэжыме» (хоць, строга кажучы, кіраваннем гэта можна назваць толькі з нацяжкай), урад хутчэй спадзяваўся на здабыццё знешніх крыніц фінансавання, чым праводзіў неабходныя рэформы.

Як ужо было сказана, у апошнія месяцы назіралася зваротная тэндэнцыя — пераход на «ручное кіраванне». Для стабільнага планавання эканамічнай дзейнасці неабходна прадказальнасць заканадаўчых змен, аднак у апошні час практыка ўвядзення ў сілу нарматыўных актаў «з моманту публікацыі» або нават «заднім чыслом» толькі пачасцілася. Сукупнасць гэтых фактараў дазваляе ахарактарызаваць трэнд вяршэнства законнасці ў перыяд, які разглядаецца,  як «рэгрэс».

Геапалітычны трэнд пачаў змяняцца. З аднаго боку, Беларусь апынулася яшчэ больш уцягнутай у інтэграцыйны працэс Мытнага саюзу, з іншага — на заходнім вектары пачаўся пошук магчымасці для нармалізацыі.

Нарэшце, у галіне культурнага трэнду мы назіраем далейшы рэгрэс.

Такім чынам, лета не прынесла добрых навін (за выключэннем, хіба што, памілавання часткі палітзняволеных). Але, тым не менш, ёсць усе падставы чакаць нармалізацыі трэндаў: палітычнай лібералізацыі і дэмакратызацыі, эканамічнай лібералізацыі і геапалітычнага трэнду ў бліжэйшыя тры месяцы. Гэтага патрабуе катастрафічная сітуацыя ў эканоміцы.

Чытаць маніторынг цалкам у фармаце pdf.

BISS