PACT прадставіў аналіз удзелу грамадзян Беларусі ў развіцці мясцовых супольнасцей

Міжнародная некамерцыйная арганізацыя "Pact" апублікавала вынікі сацыялагічнага даследавання ўдзелу беларусаў у развіцці мясцовых супольнасцей. Даследаванне ажыццяўляла група кампаній "SATIO" (Беларусь) увесну 2015 года. Асноўная мэта даследавання - атрыманне дакладных дадзеных дзеля рэальнай ацэнкі ступені ўдзелу беларусаў у развіцці супольнасцей, у якіх яны жывуць, і разумення асноўных матывацыйных фактараў грамадзянскага ўдзелу.

 

Арганізацыя "Pact" лічыць, што вынікі даследавання могуць быць карыснымі для працы грамадскіх аб'яднанняў, ініцыятыў і мясцовых улад па ўцягненні насельніцтва ў працэсы пазітыўных сацыяльных перамен на мясцовым узроўні.

 

Аналіз "Pact" сведчыць, што для значнай часткі грамадзян Беларусі паняцце "мясцовая супольнасць" з'яўляецца незразумелым, арганізацыя адзначае дастаткова нізкі патэнцыял беларускага грамадства да самаарганізацыі і ўзаемадзеяння на мясцовым ўзроўні дзеля забеспячэння асабістых інтарэсаў і вырашэння агульных задач.

 

У даследаванні адзначаецца, што беларусы не ведаюць імёнаў лідараў у сваіх мясцовых супольнасцях. Аднак рэспандэнты ўпэўнена вызначылі ключавыя якасці, якімі мусіць валодаць мясцовы лідар. Сярод такіх якасцей - наяўнасць у мясцовага лідара афіцыйнага месца працы, кантактаў з органамі ўлады, вядомасць сярод насельніцтва, досвед вырашэння праблемаў супольнасці.

 

Паводле даследчыкаў, найбольш матываванымі да сумесных дзеянняў на мясцовым узроўні аказаліся жанчыны і людзі сталага веку. Менавіта на гэтыя групы грамадзян, лічаць даследчыкі, можна абапірацца ў планаванні дзейнасці па развіцці мясцовых супольнасцей. Паводле даследавання, для жанчын адчуванне прыналежнасці да мясцовай супольнасці больш важнае, чым для мужчын.

 

Дадзеныя апытання сведчаць, што мясцовыя жыхары ведаюць адно аднаго, але слаба ўзаемадзейнічаюць. Больш за 90% беларусаў сцвярджаюць, што яны знаёмы з большасцю сваіх суседзяў па доме, вуліцы ці населеным пункце.  Аднак толькі 43% рэспандэнтаў рабілі нешта супольна з суседзямі. Асноўным матывам для ўдзелу ў сумесных мерапрыемствах болей за палову апытаных адзначылі неабыякавасць да таго, што адбываецца ў доме, на вуліцы і г.д. Яшчэ 33% апытаных удзельнічалі ў супольнай справе, бо былі закранутыя іх інтарэсы.

 

З вынікамі даследавання можна азнаёміцца тут.

Зацікаўленыя ў атрыманні поўнага варыянта даследавання могуць ліставаць на электронны адрас: vkukharchyk@pactworld.org.

 

Паводле BelNGO.info, PactWorld.org