Міжнародны маніторынг BISS

Мы прадстаўляем першы выпуск Міжнароднага маніторынгу BISS — аналітычнага дакладу, прысвечанага ацэнцы найважнейшых тэндэнцый у міжнародных адносінах з удзелам Беларусі. У гэтым выпуску маніторынгу аналізуюцца чатыры знешнепалітычных вектары Беларусі: стасункі з Еўрапейскім саюзам, Расіяй, Кітаем і з краінамі «трэцяга свету». Задача Міжнароднага маніторынгу не толькі фіксаваць змены ў знешняй палітыцы Беларусі і становішчы нашай краіны на міжнароднай арэне, але таксама прапаноўваць свой прагноз развіцця асноўных знешнепалітычных кірункаў.

Уступленне ў мытны саюз з Расіяй і Казахстанам і леташнія прэзідэнцкія выбары радыкальна змянілі міжнароднае становішча Беларусі. Пасля 19 снежня можна казаць аб вяртанні аднавектарнай палітыкі афіцыйнага Мінску і палітыкі ізаляцыі з боку Захаду. Аднак не ўсё так адназначна. Унутры і вакол Беларусі сутыкаюцца і змагаюцца розныя інтарэсы, здольныя істотна скарэктаваць знешнепалітычныя вектары і памяняць сітуацыю калі не на процілеглую, то на істотна адрозную ад сённяшняй. Гэты выпуск Міжнароднага маніторынгу, які ахоплівае перыяд ад 1 студзеня да 31 сакавіка, якраз і ставіць перад сабой задачу разабрацца, дзе ж на сённяшні дзень знаходзіцца Беларусь у каардынатах міжнароднай палітыкі і якіх змен можна чакаць у бліжэйшыя месяцы.

Мы плануем, што Міжнародны маніторынг будзе выходзіць з перыядычнасцю адзін раз на два месяцы і ў далейшым будзе ахопліваць усё большы спектр знешнепалітычных адносін Беларусі. Спадзяемся таксама на вашы каментары і прапановы, якія дапамогуць нам зрабіць Маніторынг лепшым і цікавейшым.

Поўны тэкст дакладу на беларускай мове ў фармаце pdf

BISS