Калі беларусы атрымаюць танныя шэнгенскія візы?

У якім стане перамовы па візавым пытанні паміж афіцыйным Минскам і Бруселем? Хто і чаму ў Еўразвязе выступае супраць зніжэння коштаў на шэнгенскія візы для грамадзян Беларусі? З гэтымі пытаннямі мы звярнуліся ў Брусель да кіраўніцы "Офісу за дэмакратычную Беларусь” Вольгі Стужынскай.

Стужынская: У сапраўднасці афіцыйнага дыялогу паміж Мінскам і Бруселем па візавай праблеме пакуль што няма, але я радая была ўчора ўбачыць у рашэнні Рады ЕЗ радкі пра візавае пытанне і пра важнасць кантактаў паміж людзьмі і словы пра тое, што Рада чакае прапановы Еўракамісіі, якія рыхтуе дырэктарат па ўнутраных справах ЕК.

Гэтыя прапановы будуць накіраваныя Радзе для атрымання мандату на пачатак візавых перамоваў, каб у будучыні паміж Беларуссю і ЕЗ магла быць падпісаная дамова аб палягчэнні візавага рэжыму і аб выдачы нелегальных мігрантаў (Visa Facilitation and Readmission agreements). Кошт знізіцца да 35 еўра, таксама будзе выдавацца больш шматразовых віз.

З маіх размоваў з прадстаўнікамі Еўракамісіі вынікае, што вялікіх тэхнічных праблемаў узнікнуць не павінна, але будуць такія пытанні, як тэрмін дзеяньня беларускіх пашпартоў. У Еўразвязе пашпарты маюць тэрмін дзеяньня максімум у 10 гадоў, у нас яны могуць быць дзейныя на больш працяглы тэрмін.

Таксама будзе пытанне аб стварэнні цэнтру для нелегальных мігрантаў, якія былі высланыя назад у краіну.
Візавае пытаньне застаецца вельмі шчыльна завязанае на палітычныя адносіны паміж Еўразвязам і Беларуссю...

На жаль, візавае пытанне застаецца вельмі шчыльна завязанае на палітычныя адносіны паміж Еўразвязам і Беларуссю. Нягледзячы на тое, што тэхнічна краіна добра падрыхтаваная да палягчэння візавага рэжыму і да выдачы нелегальных мігрантаў, але калі палітычныя двухбаковыя стасункі не развіваюцца, то і візавае пытанне завісае.

Дракахруст: Патлумачце, калі ласка, сітуацыю з палітычнымі чыннікамі. На думку некаторых, Еўразвяз, захоўваючы высокі візавы “мур”, ніяк не закранае беларускай улады, а карае простых беларусаў. І сам сябе. Сацыялягічныя апытанні паказваюць шчыльную сувязь паміж паездкамі ў Заходнюю Еўропу і праеўрапейскімі настроямі.

Тут атрымліваецца дзіўны рух насустрач. З аднаго боку, можна прыгадаць заявы А.Лукашэнкі, што не трэба вывозіць дзяцей на аздараўленне на Захад, бо там яны набяруцца “не нашага” духу, а з іншага боку, “не наша” Еўропа дзейнічае ў дадзеным выпадку поруч з Лукашэнкам. Ён не хоча, каб беларусы ездзілі ў Еўразвяз, і Еўразвяз не хоча, каб яны ў яго ездзілі.

Стужынская: Усе інстытуцыі Еўразвязу падтрымліваюць палягчэнне візавага рэжыму з Беларуссю. Але трэба памятаць, што, каб гэтае развіццё пайшло, павінны быць нейкія мінімальныя дамовы, па якіх можна працаваць. А паміж Беларуссю і ЕЗ гэтыя асноўныя дакумэнты не падпісаныя. Таму няма юрыдычнай базы, каб рухацца далей.

Дарэчы, беларускае кіраўніцтва таксама заяўляе пра тое, што вельмі зацікаўленае, каб перамовы па візавым пытанні пайшлі наперад і каб дамова аб палягчэнні візавага рэжыму і аб рэадмісіі была падпісаная. Так што жаданне ёсць і з боку афіцыйнага Менску, і з боку Еўразвязу. Хаця некаторыя краіны дагэтуль вельмі жорстка выказваюцца. Не апошнюю ролю адыгрывае тое, што на Беларусі вельмі выразна стаіць кляймо “апошняй дыктатуры Еўропы”.

Дракахруст: А што гэта за палітыкі, што за краіны, якія выступаюць супраць зніжэння кошту візаў для беларускіх грамадзян? Якая аргументацыя на карысць захавання коштаў?

Стужынская: У асноўным супраць гэтага выступаюць міністэрствы ўнутраных спраў, яны кіруюцца бояззю нелегальнай міграцыі, ёсць і боязь за працоўныя месцы. МУСы заўсёды былі і ёсць супраць.

Што да краінаў, то добры прыклад – Галандыя, якая традыцыйна выступае супраць танных візаў. Прадстаўнік галандскай амбасады ў Бруселі на паседжанні працоўнай групы першага Форуму грамадзянскай супольнасьці заявіў, што ніякага рэгіянальнага падыходу да краінаў “Усходняга партнёрства” не павінна быць, што трэба глядзець толькі на двухбаковыя адносіны.

Але мне здаецца, што пры развіцці палітычных адносінаў ёсць шанцы падпісаць дамову аб палягчэнні візавага рэжыму і аб выдачы нелегальных мігрантаў праз год-паўтара.

Радыё Свабода