Электарат улады: тады і цяпер

Незалежныя даследаванні грамадскай думкі ў Беларусі на працягу многіх гадоў выяўлялі дакладную і характэрную структуру электарату прэзідэнта краіны. Аляксандр Лукашэнка – прэзідэнт пенсіянераў, жанчын, вёскі. Яго электарат сканцэнтраваны сярод малаадукаваных, дэкласаваных слаёў насельніцтва. Ідэалогія і палітыка дзяржавы, зафіксаваная ў вядомым слогане “чарка і шкварка”, выразна арыентавалася на гэты электарат.

За паўтары дзесяцігоддзі, аднак, сацыяльны ландшафт краіны істотна змяніўся. Беларусь стала больш урбанізаванай, маючы сёння адзін з найвышэйшых адсоткаў гарадскога насельніцтва ў Еўропе (іншая справа, што ўяўляюць сабой беларускія гарады – ці з’яўляюцца яны нечым большым акрамя як рабочымі слабодамі). Узрос узровень адукацыі насельніцтва (разам са зніжэннем, скажуць крытыкі, узроўню адукацыі). Вырасла першае пакаленне, якое ўжо не помніць савецкіх часоў (але і не мела “глытку свабоды” часоў перабудовы і першых год незалежнасці). Узровень жыцця насельніцтва за паўтары дзесяцігоддзі безумоўна вырас, у Беларусі пачало фармавацца спажывецкае грамадства. Адпаведна мянялася палітыка і рыторыка ўлады, праходзіла перафарматаванне таго, што мы ў BISS называем сацыяльным кантрактам – улада выстаўляла новыя акцэнты, змяніла рыторыку выжывання на рыторыку мадэрнізацыі, па-свойску, як разумела, пачала наводзіць на сябе гламурны глянец. Што ж атрымалася з гэтага? Ці знайшоў Лукашэнка для сябе новы сацыяльны падмурак?

Першае грунтоўнае даследаванне электарату Аляксандру Лукашэнкі было зроблена Незалежным Інстытутам Сацыяльна-Эканамічных і Палітычных Даследаванняў (тады яшчэ ў Мінску) і было апублікавана ў прэсе і акадэмічных выданнях у 1998 годзе. [1] Тады даследаванне лукашэнкаўскага электарату засведчыла тры лініі разлому ў беларускім электараце: самы выразны – узроставы (узровень падтрымкі прэзідэнта розніўся паміж асобнымі групамі ажно ў чатыры разы), потым адукацыйны (амаль такая ж разбежка паміж рэспандэнтамі з вышэйшай і пачатковай адукацыяй), потым разлом па лініі горад-вёска (дыстанцыя паміж Мінскам і сельскім насельніцтвам – таксама трохі менш, чым у чатыры разы).

А што цяпер? Аддаючы належнае калегам з НІСЭПД, мы паспрабуем адказаць на гэтае пытанне сыходзячы з дадзеных нашага ўласнага даследавання, што праводзілася ў кааперацыі з партнёрамі BISS у лютым 2010 года. [2] Зазначым, што агульны рэйтынг Лукашэнкі, згодна з дадзенымі незалежных цэнтраў, ізноў хістаецца ў дыяпазоне паміж 35 і 45 адсоткамі ад усяго электарату, што было характэрна і для канца 1990-х гадоў (пасля ён апускаўся ажно да 26 адсоткаў у 2003 годзе і падымаўся аж да 60 адсоткаў у 2006 – гэтыя цыклі былі выразна звязаныя з паляпшэннем – пагаршэннем эканамічнай сітуацыі ў краіне і падвышэннем – паніжэннем градусу і інтэнсіўнасці афіцыйнай прапаганды).

Спярша заўважым, што ніяк не змянілася за дванаццаць з паловай год, што падзялялі два апытанні. Не змянілася розніца ў падтрымцы Лукашэнкі паміж жанчынамі і мужчынамі (але тут трэба быць асцярожнымі ў ацэнках – жанчыны ў Беларусі жывуць даўжэй, і сярод іх проста нашмат больш асобаў старога ўзросту). Амаль цалкам захаваўся і базавы “узроставы” разлом, прычым мы зноў бачым тэндэнцыю адноснага падвышэння рэйтынгу Лукашэнкі сярод самых маладых беларусаў, яго рэзкае падзенне па ходзе таго, як чалавек “вызваляецца” ад індактрынацыі школы і ВНУ і трапляе ў самастойнае жыццё, і новы рост разам з уцягваннем рэспандэнту ў “сацыяльны кантракт”.

Што да ўзросту, мы вырашылі зрабіць адзін эксперымент – параўнаць узровень падтрымкі ўлады сярод асобных сацыяльных групаў з часовым “лагам” – гэта значыць, параўнаць тых, каму, умоўна кажучы, ў чэрвені 1997 года было 30 гадоў, з тымі, каму ў лютым 2010 г. было 42.  Карціна вельмі паказальная. Зусім маладыя, каму давялося сталець і, як кажуць, “будаваць жыццё” за Лукашэнкам, збольшага расчараваліся ў прэзідэнце. Потым пачынаецца ўзрост рэйтынгу. Па-першае, сярод тых, хто за гэтыя гады стаў лукашэнкаўскім “сярэднім класам”. Па-другое, сярод тых, хто наблізіўся і дасягнуў пенсійнага ўзросту. Мы бачым, што па меры таго, як чалавек перасякае гэтую “стужку” фінішу прадуктыўнай фазы ў жыцці, падтрымка кіраўніка дзяржавы пачынае зашкальваць. І тут можна зрабіць істотныя высновы. Аналізуючы падтрымку Лукашэнкі сярод старэйшага пакалення, многія назіральнікі звязвалі яе з тым, што прэзідэнт папулярны сярод “сталінскага пакалення”, якое памятала і ўхваляла акурат тыя метады, якімі прэзідэнт імкнуўся кіраваць дзяржавай. Цяпер мы бачым, што той жа самы узровень падтрымкі рэгенеруецца і пакаленнем сацыяльных лідэраў часоў перабудовы! Такая тэндэнцыя выразна дэманструе працэс “рацыяналізацыі” сацыяльнай падтрымкі Лукашэнкі, пра што нашы калегі кажуць ужо гадоў пяць. Матывацыя палітычнага выбару (як і, дададзім, іншых выбараў – эканамічнага, геапалітычнага), змясцілася з вобласці харызмы і культуры ў бок “гамбургскага рахунку”. І здольнасць улады захоўваць сацыяльны кантракт з базавымі электаральнымі групамі забяспечвае стабільнасць яго электаральнай базы.

Дарэчы, пра стабільнасць. Як бачым з дадзеных, сярод пенсіянераў (а мы кажам ужо пра другое пакаленне лукашэнкаўскіх пенсіянераў) яна сапраўды жалезабетонная. Гэты электарат, які самы шматлікі і самы “галасуючы”, застаўся за 12 год практычна нязменным (змяніліся людзі ў гэтай групе, а не іх сацыяльныя ролі). Што далей, то змены ў структуры электарату Лукашэнкі больш цікавыя, і іх варта асобна прааналізаваць. Так, заўважна істотнае падзенне  падтрымкі прэзідэнта сярод “рабочага класу”, дзяржаўных служачых ніжэйшага звяна, вясковага насельніцтва, асобаў з сярэдняй адукацыяй – то бок, групаў, што складаюць “косці і мяса” існуючага дзяржаўнага ладу, яго эканамічнай мадэлі. Наогул, розніца паміж горадам і вёскай што да падтрымкі Лукашэнкі істотна скарацілася, а бадай самай заўважнай зменай за 12 год стала амаль двухразовае павялічэнне лукашэнкаўскага электарату ў сталіцы Беларусі, дзе паплечнікі прэзідэнта – ужо ніякія не маргіналы адносна свайго асяроддзя.

Мы таксама бачым, што Лукашэнка здолеў захаваць ці нават павялічыць сваю падтрымку сярод высокаадукаваных слаёў насельніцтва, і нават больш істотна – сярод тых, каго можна назваць беларускай элітай – кіруючага класу мэнэджэраў, дырэктараў, начальнікаў. Палітыка перазаключэння сацыяльнага кантракту з чынавенствам, надання бюракратычнаму класу новых мажлівасцяў для ўзбагачэння і “абуржуазівання” дала свой плён гэтаксама ж,

Такім чынам, Лукашэнка захаваў  сацыяльныя “нізы”, набыў “вярхі,” але пачаў губляць “сярэдзіну”. Выснова простая – улада за 12 гадоў пашырыла сеціва сваёй сацыяльнай кліентуры ў грамадстве, эфектыўна “вербавала” ў стан лаялістаў тыя групы і асяродкі, якія дастаўлялі ёй зашмат галаўной болі акурат у мінулым дзесяцігоддзі (менчукі, якія выходзілі на вуліцы дзесяткамі тысячаў, наменклатура). Падвойная тактыка захоўвання базавага электарату, тых, хто гарантавана дасць галасы (пенсіянераў) і нейтралізацыі сацыяльна актыўных асяродкаў, здольных да рэвалюцыйных дзеянняў і стала формулай лукашэнкаўскай стабільнасці мінулага дзесяцігоддзя. Платай за гэтую стабільнасць стала адноснае расчараванне тых, чыімі высілкамі яна апошняе дзесяцігоддзе і расплачвалася. З гэтага раскладу зразумела і “хатняе заданне” для ўлады, калі яна імкнецца захаваць гэтую стабільнасць, і “акно магчымасцяў” для яе апанентаў.

Табліца 1. Сацыяльна-эканамічная структура электарату Лукашэнкі, %

 

галасавалі б за Лукашэнку, калі б прэзідэнцкія выбары адбыліся на наступны заўтра, чэрвень 1997 г.*

Люты 2010.

Усяго

45,4

39.0

Пол

 

 

Мужчыны

39,8

33.3

Жанчыны

50,2

43.7

Век

 

 

16—19

31,7

29.6

20—24

30,4

14.7

25—30

19,7

28.6

30—39

29,3

22.8

40—49

40,1

26.5

50—59

48,6

42.1

60 і болей

81,7

73.3

Адукацыя

 

 

Пачатковая

88,2

88.8

Сярэдняя

54,3

34.1

Сярэдняя спецыяльная

35,6

33.2

Вышэйшая

24,6

26.8

Род заняткаў

 

 

Кіраўнікі прадпрыестваў, фірмаў, мэнэджэры

21,6

33.3

Адмыслоўцы

29,4

27.4 (24.7)*

Дзяржаўныя служачыя ніжэйшага звяна

31,4

15.6

Кваліфікаваныя рабочыя

32,6

23.7

Некваліфікаваныя рабочыя

46,7

35.0

Пенсіянеры

77,9

74.2

Студэнты

32,9

24.7

Хатнія гаспадыні

46,1

21.7

Беспрацоўныя

30,3

10.0

Месца жыхарства

 

 

Мінск

17,5

32.1

Абласныя цэнтры

35,8

37.3

Вялікі горад

38

36.1

Малы горад

40,2

35.1

Вёска

69,9

50.0

 
   

галасавалі б за Лукашэнку, калі б прэзідэнцкія выбары адбыліся на наступны заўтра, чэрвень 1997 г.*
   

* Адмыслоўцы адпаведна тэхнічнага і гуманітарнага профілю

Табліца 2. Падтрымка Лукашэнкі сярод узроставых групаў “з часовым лагам” адпаведна розніцы ўзросту

Век

1997

 

2010

 

 

Да 27

23.5

16—19

31,7

28-31

22.6

20—24

30,4

32-36

21.7

25—30

19,7

37-41

30.2

30—39

29,3

42-51

28.3

40—49

40,1

52-61

46.3

50—59

48,6

62-71

71.1

60 і болей

81,7

71+

81.0

 

[1] Дадзеныя цытуюцца па артыкулу Алега Манаева “Электорат Александра Лукашенко”, што з’явіўся ў выданні “Белоруссия и Россия: Общества и Государства” (Москва: Права человека, 1998), а таксама быў надрукаваны ў Белорусской Деловой Газете ў сакавіку 1998 года.

[2] Даследаванне “Беларусь і свет” было праведзена ў лютым 2010 года.

BISS